Міністэрства замежных справаў Расіі ў 85-ю гадавіну ўварвання СССР і нацысцкай Германіі ў Польшчу апублікавала ў Х пост, згодна з якім Чырвоная армія не дапусціла генацыду насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. МЗС Германіі ў адказ выклала план падзелу Польшчы з подпісамі Іосіфа Сталіна і міністра замежных справаў Трэцяга рэйха Яахіма фон Рыбентропа і задало пытанне: «Сур'ёзна?» Увагу на гэта звярнула выданне «Агентство».

У відэароліку расійскага міністэрства сцвярджаецца, што савецкія войскі вызвалілі Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ад польскай акупацыі, а спробы выставіць СССР агрэсарам «супярэчаць гістарычнай праўдзе і фактам». Як сцвярджаюць у МЗС, Савецкі Саюз не раз прапаноўваў Польшчы дапамогу ў адбіцці нямецкай агрэсіі, а Варшава «падтрымлівала агрэсіўную палітыку нацыстаў».
Нямецкае Міністэрства замежных справаў адказала Расіі на наступны дзень, напісаўшы реплай да паста МЗС Расіі. Публікацыю карты падзелу Польшчы МЗС ФРГ суправадзіла хэштэгамі «#ПактМолатаваРыбентропа» і «#ПактГітлераСталіна».
Скажае гісторыю і Уладзімір Пуцін. У інтэрв'ю Такеру Карлсану ён сцвярджаў, што менавіта Польшча ў 1939-м «змусіла» нацысцкую Германію ўварвацца на яе тэрыторыю. Польскае МЗС назвала такую заяву ілжывай і запярэчыла, што гітлераўская Германія і савецкія ўлады падпісалі пагадненне супраць Польшчы — той самы пакт Молатава — Рыбентропа.
Чытайце таксама