У аэрапорце Вільнюса ў аўторак здзейсніў пасадку самалёт з Мінска, паведамляе партал Delfi.
Мяркуючы з дадзеных сэрвісу Flightradar, 28 траўня ў 08.30 у Вільнюсе здзейсніў пасадку невялікі спартыўны самалёт (рэгістрацыйны нумар EW-535SL). Ён знаходзіцца ва ўласнасці прыватнага аэрадрома пад Мінскам.
Прадстаўнік «Літоўскіх аэрапортаў» Тадас Васіляўскас пацвердзіў, што самалёт прыляцеў з беларускай сталіцы, праводзілася жорсткая працэдура ўзгаднення палёту і праверкі. Самалётам кіравала прыватная асоба.
«Пасля працэдуры праверкі самалёту дазволілі здзейсніць пасадку ў Вільнюскім аэрапорце», — сказаў ён. Паводле яго, такія працэдуры распаўсюджваюцца на ўсе нерэгулярныя рэйсы.
Нагадаем, пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Мінску ў траўні 2021 года Еўрасаюз забараніў беларускім самалётам выкарыстоўваць еўрапейскую паветраную прастору і аэрапорты. Пазней да санкцый далучыліся і краіны, якія не ўваходзяць у ЕС: Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Сербія і Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія, а таксама Украіна.
Еўрасаюз таксама рэкамендаваў еўрапейскім перавозчыкам адмовіцца ад палётаў у паветранай прасторы Беларусі.