Збожжавае пагадненне перастае дзейнічаць, пакуль не будзе выкананая расійская частка ўгоды. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў.
«Фактычна дамоўленасці спынілі дзеянне сёння. На жаль, частка, якая датычыць Расіі, не выкананая дагэтуль. Як толькі расійская частка дамоўленасцяў будзе выкананая, Расія неадкладна вернецца да выканання ўгоды», — заявіў Дзмітрый Пяскоў.
На ўдакладняльнае пытанне пра спыненне дзеяння збожжавай угоды прадстаўнік Крамля адказаў: «Яна спынілася. Як толькі будзе выкананая расійская частка, расійскі бок вернецца неадкладна да рэалізацыі гэтай угоды».
Прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава паведаміла, што Турцыя, Украіна і сакратарыят ААН афіцыйна паведамілі пра пярэчанне супраць падаўжэння збожжавай угоды. Найбліжэйшым часам будзе апублікаваная заява МЗС з дэталёвымі тлумачэннямі расійскай пазіцыі, дадала Захарава.
Раней агенцтва Associated France Press са спасылкай на прэзідэнта Турцыі Эрдагана паведамляла, што Масква пагадзілася падоўжыць збожжавую ўгоду. Аднак у Крамлі неўзабаве гэтую інфармацыю абверглі.
13 ліпеня прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што ні адна з умоваў, на якіх Расія пагадзіліся гарантаваць бяспеку вывазу ўкраінскага збожжа, выкананая не была. «Так, там былі пункты гэтай дамоўленасці з ААН, згодна з якімі трэба было ўлічваць і расійскія інтарэсы: гэта лагістыка, гэта страхаванне, гэта рух грошай, звязаных з аплатай нашай прадукцыі, і многія іншыя моманты. Нічога, хачу гэта падкрэсліць, наогул нічога не было зроблена. Усё — гульня ў адны вароты. Ніводнага пункта, звязанага з тым, што ёсць інтарэсы Расійскай Федэрацыі, не выканана. Нягледзячы на гэта, мы па добрай волі шматкроць падаўжалі гэтую так званую угоду. Шматкроць. Але, слухайце, хопіць урэшце», — сказаў Пуцін.
Нагадаем, дамоўленасць пра вываз збожжа па Чорным моры праз тры ўкраінскія парты была дасягнутая ў ліпені 2022 года. Раніцай 1 жніўня ўпершыню з пачатку вайны праз «збожжавы калідор» з Адэскага порта выйшла судна, загружанае ўкраінскай кукурузай. Планавалася, што дамова паміж краінамі будзе дзейнічаць 120 дзён з даты падпісання і аўтаматычна будзе падоўжаная, калі ніводзін з бакоў не паведаміць, што хоча яе спыніць.