Літва падпісала дамову з ЗША пра набыццё васьмі рэактыўных сістэм залпавага агню (РСЗА) HIMARS, паведамляе агенцтва BNS.
«Я рады, што сёлета мы падпісалі пагадненне пра набыццё гэтай важнай сістэмы. Цяпер мы пачынаем абмяркоўваць супрацоўніцтва з ЗША па інтэграцыі HIMARS — навучанні персаналу, тэхнічным абслугоўванні», — прыводзяцца словы літоўскага міністра абароны Арвідаса Анушаўскаса, які сустрэўся ў ЗША з кіраўніком Пентагона Лойдам Осцінам.
Паводле дамовы, Літва закупляе восем комплексаў HIMARS з рознымі тыпамі баявых і вучэбных ракет, уключаючы ATACMS з далёкасцю дзеяння 300 кіламетраў. Паводле словаў Анушаўскаса, першыя пастаўкі амерыканскіх РСЗА запланаваныя на 2025 год.
Папярэдні кошт кантракту складае каля 495 млн даляраў.