Мінабароны РФ рапартуе пра паспяховы наступ на Данецкім напрамку і вялікія страты УСУ. Ва ўкраінскім Генштабе адзначаюць, што расійскія войскі не спыняюць агнявы тэрор жыхароў Херсона і ўзмацняюць паліцэйскі рэжым на акупаваных тэрыторыях. У Інстытуце па вывучэнні вайны адзначаюць, што Украіна ў канцы лета перахапіла ініцыятыву ў вайне і, імаверна, зімой збіраецца развіваць поспех.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 285-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: адбілі атакі каля 13 населеных пунктаў
УСУ адбілі атакі расійскіх войскаў у раёнах 13 населеных пунктаў Данецкай і Луганскай абласцей, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— За мінулыя суткі падраздзяленні Сіл абароны адбілі атакі расійскіх войскаў у раёнах населеных пунктаў Плашчанка і Белагораўка Луганскай вобласці і Бераставое, Белагораўка, Якаўлеўка, Салядар, Бахмуцкае, Бахмут, Вопытнае, Клішчэеўка, Андрэеўка, Мар'інка і Новаміхайлаўка Данецкай вобласці.
— За суткі праціўнік нанёс сем ракетных і 32 авіяцыйныя ўдары, а таксама здзейсніў больш за 50 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах уздоўж лініі сутыкнення.
— На Купянскім і Ліманскім, Запарожскім і Навапаўлаўскім напрамках расійскія войскі абараняюцца; на Бахмуцкім і Аўдзееўскім — канцэнтруюць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў і спрабуюць палепшыць тактычнае становішча; на Херсонскім — не спыняюць агнявы тэрор цывільнага насельніцтва горада Херсон.
— Авіяцыя за мінулыя суткі нанесла 18 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі, а таксама адзін удар па пазіцыях зенітных ракетных комплексаў расіян.
— УСУ збілі верталёт Ка-52 і чатыры беспілотнікі праціўніка.
— Ракетныя войскі і артылерыя пашкодзілі два пункты кіравання, склад боепрыпасаў, раён канцэнтрацыі асабовага складу, а таксама яшчэ адзін важны аб’ект расійскіх войскаў.
— Пацверджанае паражэнне сіламі абароны раёна канцэнтрацыі жывой сілы расіян у Акімаўскім раёне Запарожскай вобласці: да 30 вайскоўцаў РФ былі параненыя, больш за 10 — забітыя.
«Паводле наяўнай інфармацыі, у Скадоўскім раёне Херсонскай вобласці праціўнік узмацніў адміністрацыйна-паліцэйскі рэжым і ўвёў каменданцкую гадзіну. Перамяшчэнне паміж населенымі пунктамі забароненае кругласутачна, перамяшчэнне ў населеных пунктах дазволенае толькі днём», — паведамілі ў Генштабе.

Мінабароны РФ: знішчылі дзве дыверсійна-разведвальныя групы
Расійскае ваеннае ведамства заяўляе, што ў Луганскай вобласці ў раёне населенага пункта Райгарадок знішчаныя дзве ўкраінскія дыверсійна-выведвальныя групы. Усяго страты УСУ за суткі на гэтым кірунку, паводле дадзеных МА РФ, склалі больш за 60 вайскоўцаў забітымі і параненымі.
— На Купянскім напрамку нанесенае агнявое паражэнне па месцы дыслакацыі ротнай тактычнай групы УСУ ў раёне населенага пункта Табаеўка Харкаўскай вобласці. Знішчаныя 65 ўкраінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя машыны пяхоты і два пікапы.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку сарваная спроба дзвюх ротных тактычных груп УСУ атакаваць у напрамку населеных пунктаў Чырвонапапоўка і Жытлаўка Луганскай вобласці. Страты УСУ за суткі на гэтым напрамку склалі больш за 60 вайскоўцаў забітымі і параненымі, тры баявыя машыны пяхоты, бронеаўтамабіль і чатыры пікапы.
— На Данецкім напрамку працягваюцца паспяховыя наступальныя дзеянні расійскіх падраздзяленняў. За суткі знішчаныя больш за 70 ўкраінскіх вайскоўцаў, два танкі, чатыры баявыя браніраваныя машыны і чатыры пікапы.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку падраздзяленні УСУ распачалі спробу контратакі ў кірунку населенага пункта Нікольскае Данецкай вобласці, але былі адкінутыя агнём на першапачатковыя пазіцыі. Знішчаныя да 30 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя машыны пяхоты і тры пікапы.
Усяго за суткі, паводле дадзеных МА РФ, нанесеныя ўдары па сямі пунктах кіравання, 72 артылерыйскіх падраздзяленнях, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 193 раёнах.
У Данецкай вобласці паўкоджаныя пункты часовай дыслакацыі замежных добраахвотнікаў. Знішчаныя радыёлакацыйныя станцыі контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-37 і зенітнага ракетнага комплексу С-300, склад боепрыпасаў УСУ. Збітыя Су-25 і МіГ-29, а таксама два верталёты Мі-8 Паветраных сіл Украіны, дзесяць беспілотных лётных апаратаў. Перахопленыя два рэактыўныя снарады сістэмы залпавага агню HIMARS.
Інстытут па вывучэнні вайны: Украіна зімой працягне контрнаступальныя аперацыі
Украіна плануе зімой працягнуць наступальныя аперацыі, каб атрымаць выгаду з нядаўніх поспехаў на поле бою і не даць расійскім войскам вярнуць сабе ініцыятыву, звяртае ўвагу на заяву высокапастаўленых украінскіх вайскоўцаў Інстытут па вывучэнні вайны (ISW). Эксперты называюць памылковым меркаванне кіраўніка разведкі ЗША пра тое, што зімой наступальныя аперацыі замарудзяцца. Эксперты паказваюць, што ўкраінскія сілы перахапілі ініцыятыву ў канцы лета і з тых часоў праводзяць серыю паспяховых паслядоўных аперацый: Украіна вызваліла большую частку Харкаўскай вобласці ў верасні, горад Херсон — у лістападзе і ў цяперашні час стварае ўмовы для новых удараў у іншых месцах.
«Нядаўнія афіцыйныя ўкраінскія заявы ясна даюць зразумець, што задума ўкраінскай кампаніі распрацаваная такім чынам, каб серыяй паслядоўных аперацый пазбавіць Расію ініцыятывы, нанесці паразу расійскім вайскоўцам і вызваліць больш украінскай тэрыторыі», — адзначаюць у ISW.
Эксперты хвяртаюць увагу, што зіма звычайна — найлепшы сезон для механізаваных баявых дзеянняў ва Украіне, у той час як восень і вясна абцяжарваюць манеўраную вайну, ператвараючы палі ў моры бруду.
Калі саюзнікі і партнёры не падтрымаюць Украіну ў правядзенні буйнамаштабных рашучых контрнаступальных аперацый гэтай зімой, то гэта прывядзе да завяршэння цяперашняга імпульсу Украіны і дасць разбітым расійскім сілам каштоўную адтэрміноўку на тры-чатыры месяцы, каб аднавіцца і падрыхтавацца да баявых дзеянняў на лепшай аснове, лічаць у ISW.
Яшчэ з ключавых высноваў экспертаў:
- расійскія крыніцы паведамілі, што ўкраінскія сілы працягвалі контрнаступальныя дзеянні ў напрамках Крамянной і Сватава;
- расійскія войскі працягвалі весці наступальныя дзеянні ў раёне Бахмута і Аўдзееўкі;
- групы мабілізаваных расійскіх салдат працягваюць падрываць намаганні Расіі па фарміраванні сіл адмовай ваяваць і непадпарадкаваннем;
- расійскія сілы, імаверна, публічна пакаралі смерцю жыхароў акупаванай Луганскай вобласці па абвінавачанні ў партызанскай дзейнасці.